ФЕРМЕ́НТНЫЯ ПРЭПАРА́ТЫ,
лекавыя сродкі, асн. дзеючым кампанентам якіх з’яўляюцца ферменты. Крыніцы Ф.п. — тканкі жывёл: сэрца і падстраўнікавая залоза буйн. раг. жывёлы і свіней; слізістая абалонка страўніка свіней; страўнікавы сок сабак і коней, жоўць жывёл; плазма крыві чалавека; прадукты жыццядзейнасці раслін, грыбкоў, бактэрый. Выкарыстоўваюцца пры цяжкіх алергічных рэакцыях (пеніцыліназы), парушэннях працэсаў стрававання (натуральны страўнікавы сок, абамін, пепсідыл і інш.), лячэнні вострых лейкозаў (α-аспарагіназа), гнойных ран, трафічных язваў, апёкаў (трыпсін, хіматрыпсін і інш.), для рассысання рубцоў (лідаза, ранідаза), паляпшэння тканкавага дыхання пры захворваннях дыхальнай і сардэчна-сасудзістай сістэм (цытахром С). Выкарыстоўваюць таксама ў вытв-сці піва, спірту, хлебабулачных вырабаў, кармоў, пральных парашкоў, у тэкстыльнай і гарбарнай прам-сці.
І.М.Семяненя.
т. 16, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)